Хрысціянская містыка – гэта вопыт непасрэднага перажывання чалавекам або групай людзей духоўнага яднання з Богам. Душа чалавека імкнецца не толькі да ведаў пра Бога, але і да жывога яднання з Ім, як з Дасканалай Істотай.

Такое яднанне – мэта ўсяго быцця чалавека. Езус адкрывае чалавеку магчымасць Боскага ўсынаўлення – адзінства накшталт Айца і Сына.
Уцелаўленне Сына Божага – таямніца, якая пераўзыходзіць людзкое разуменне. Такімі ж таямнічымі з’яўляюцца Боскія дзеянні ў людзкой душы, якія вядуць да яднання з Ім. Гэта ласка Божая, атрыманая праз дары Святога Духа. Праз іх чалавек таемным чынам далучаецца да Боскага жыцця.
Такому яднанню спрыяюць сакраманты, дапамагаючы хрысціяніну ў яго духоўным подзвігу, перамяняючы і аднаўляючы яго, будуючы ў людзкой душы Валадарства Божае. Вышэйшая мерка такога вопыту – сузіранне Нятварнага Боскага Святла і асаблівыя дары, якія мы можам назіраць у хрысціянскіх святых – містыкаў.
Краевугольным каменем хрысціянскай містыкі з’яўляецца Езус Хрыстус. Хрысціянскі містычны вопыт – гэта дар Божы. А Бог жыве толькі ў ачышчанай ад граху душы чалавека. Вышэйшы стан хрысціянскай містыкі – святасць. Каталіцкія святыя-містыкі – гэта Францішак Асізскі, Тэрэза Авільская, Тэрэза ад Дзіцятка Езус, Ігнаці Лаёла, Ян ад Крыжа, Кацярына Сіенская …
Чым вылучаецца сапраўдная містыка? Аб гэтым калісьці напісаў англійскі пісменнік, пяру якога належыць і цудоўная кніга пра святога Франішка Асізскага, - Гілберт Чэстэртон:
“З-за таго, што я крыху разбіраюся ў містыцы, мяне не могуць адурачыць дылетанты. Сапраўдныя містыкі не хаваюць таямніцаў, але адкрываюць іх. Яны нічога не пакідаюць у ценю, а таямніца так і застаецца таямніцай. Затое містыку-дылетанту не абысціся без покрыва таямнічасці, прыбраўшы якое, зняўшы якое, знаходзіш штосьці цалкам трывіальнае”.
І нават суфійскі філосаф і паэт Джалаладзін Румі напісаў верш пра хрысціянскіх містыкаў:
Містыкі
Я крыкнуў табе ў дзверы:
"Містыкі збіраюцца на вуліцы.
Выходзь!"
"Пакінь мяне ў спакоі. Я хворы"
"Ды хоць бы ты й памёр!
Езус тут, і Ён хоча каго-небудзь уваскрасіць!"


***
З містыкай вельмі часта сутыкаюцца тыя, хто працуе з цяжка хворымі і паміраючымі людзьмі:
дактары, псіхолагі, медсёстры.
Я раблю запісы пра такія выпадкі і змяшчаю іх на псіхалагічным сайце.


- А які сёння дзень? – адразу пытаецца ў мяне Ларыса, калі я заходжу да яе ў палату. - Пятніца?
Ларыса ўжо некалькі дзён не ўстае з ложку. У Ларысы вельмі выразныя шэра-зялёныя вочы,
прыгожы нізкі голас, і выглядае яна нашмат маладзей за свае гады.
- Сёння – серада, 17-е.

- О, а ў мяне ўсе дні пераблыталіся. Ведаеце, Марына, усё павінна вырашыцца ў пятніцу, 19-га. У
пятніцу будзе вырашацца мой далейшы лёс. Але Вы пры гэтым прысутнічаць не будзеце. Будуць
Наташа і Лена, і …
- У пятніцу будзе вырашацца пытанне наконт Вашага перасялення ў інтэрнат? Я ведаю, што ўжо
рыхтуюцца неабходныя дзеля гэтага дакументы. Ці, магчыма, Вашыя сваякі змогуць дапамагаць
Вам, калі Вы выпішыцеся з хоспісу і застанецеся жыць у сваёй кватэры?
- Не, Марына. Гэта пытанне жыцця і смерці. Нават не ведаю, ці магу я распавесці Вам аб гэтым
больш падрабязна? Як Вы думаеце?
- Рабіце так, як самі лічыце патрэбным, Ларыса.
- Так, мне раюць не распавядаць. Прынамсі, пакуль што.
- Хто раіць, Ларыса?
- Напэўна той, хто паказвае мне ўсе гэтыя карціны.
- Карціны? Якія?
- А Вы не бачыце, Марына? Вунь там уверсе - старажытны Мінск, і трамвай павольна пад’яжджае
да прыпынку ... А зараз ужо – баль, дамы і кавалеры, і такая чароўная ціхая музыка …
- Я бачу толькі белую столь і больш нічога … Як Вы пачуваецеся, Ларыса?
- Усё добра …
Ларыса падымае руку і дакранаецца да папяровай іконкі, прымацаванай да сцяны над ложкам. На
іконцы – выява Божай Маці і аднаго з праваслаўных святых.
– Нарэшце я зразумела, - кажа яна. – Вось тут і Ўваход, і Выхад.
(О, так,- разважаю я сама з сабой. - Уваход і Выхад! Гэта нібыта кароткі змест Акафіста
Найсвяцейшай Панне Марыі, у якім мы называем Яе мостам, які пераводзіць людзей да неба,
ключом да райскіх варотаў, брамай святой таямніцы, караблём для тых, хто жадае збаўлення.)
- А цяпер я крыху адпачну, - шэпча Ларыса. - Пагаворым з Вамі заўтра, Марына.
Я дакранаюся да прахалоднай Ларысінай рукі і выходжу з палаты. Але ў наступныя дні размаўляць
з Ларысай ужо было немагчыма. А ў суботу, калі я прыйшла на працу, яе пытанне ўжо
вырашылася.
Дзверы ў палату, дзе ляжыць Яўген, крыху прыадчынены. За імі - цемра. Зайшоўшы ў яе, я чую
размову Яўгена з ягонай блізкай сяброўкай па мабільнаму тэлефону:
- Ніначка, даражэнькая, як жа мне тут цяжка! Я ж думаў, што хваробу гэтую можна на каго-небудзь
перакласці. Думаў, што можна зрабіць так, каб нехта іншы адхварэў за мяне. Але ж тут так не
прынята. Ніначка, тут так нельга! Тут мусіш за ўсё аддувацца сам ...
Выходжу з палаты, каб не замінаць размове, спадзеючыся крыху пазней яшчэ раз зайсці да Яўгена.
Але "крыху пазьней" апынаецца так, што наведваць у гэтай палаце мне ўжо няма каго ...
Ідучы па калідоры, успамінаю апошнія словы Сціва Джобса. Там ёсць і такія радкі: "Маючы
грошы, Вы зможаце наняць кучу людзей, якія будуць вазіць Вас, рабіць нешта па дому або на
працы. Але ніхто ня возьме Вашыя хваробы на сябе"...
На сястрынскім пасту размаўляю з медсястрой, якая працуе ў хоспісу з дня ягонага заснавання. Яна
распавядае мне гісторыю пра праваслаўную манахіню. Памірала яна даволі цяжка. Але ўжо на апошнім уздыху твар яе пасвятлеў, на ім з’явілася ўсмешка і ўсе прысутныя пачулі, як яна прамовіла:
- Якая прыгажосць! - і спакойна адыйшла ў іншы свет.

Паміраючая жанчына сталага веку незадоўга да смерці размаўляла з амерыканскім псіхатэрапеўтам Арнольдам Міндэлам:
Пацыентка: Дзіцятка... хлопчык... зорка нарадзілася. Чаму... што такое жыццё? Што такое хвароба?
Псіхатэрапеўт: Хвароба - гэта смецце. Выкіньце яе.
Пацыентка: Не.
Псіхатэрапеўт: Што такое хвароба? Сапраўды, што? Ідзіце ўнутр і спытайце зорку.
Пацыентка: Хвароба - гэта частка нас якая спрабуе ... спрабуе ... быць заўважанай ... каб пра яе
ведалі.
Перад самай смерцю жанчына напявала:
Вядзі, вядзі сваю лодку плаўна па плыні,
Весела, весела, весела, весела ...
Жыццё ... усяго ... толькі ... сон!
... смерць прыходзіць, калі спрабуе адбыцца нешта новае і яго адсякаюць. Калі мы ўсведамляем
унутраны персанаж, які прадстаўляе гэты новы элемент, наш смутак заціхае, паколькі знікае
паняцце смерці ... Фактычна тое, жывем мы ці паміраем, залежыць ад нашага пункту гледжання".
(Арнольд Міндэл. На мяжы жыцця і смерці.)
... Мудрацы, угледзеўшы богаправодную зорку, пайшлі ўслед за яе ззяннем; як з ліхтаром, шукалі
яны з ёю магутнага Ўладара і, знайшоўшы Недасяжнага, усклікнулі: Алелюя! (Акафіст)

- Юля, як ты думаеш, там на Небе нашыя пацыенты ўспамінаюць пра нас? – пытаюся я ў калегі-
псіхолага.
- Мяркую, яны там занятыя іншымі справамі, - адказвае яна …
... Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас грэшных цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.
Радуйся, Панна Марыя, бо дзякуючы Табе мы апрануліся ў славу!

Марына Баброўская

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00